У Пінску кіроўцаў дзяржаўнага таксі перасадзілі на аўтобусы
Ратаваць дзяржаўную службу таксі, набываючы “Саманды”, аўтапарк не адважыўся. І яе закрылі.
У Пінску закрылася дзяржаўная служба таксі. Цяпер у сталіцы Палесся 4 перавозчыкі — і ўсе прыватныя. Таксісты кажуць, што каля 300 кіроўцаў працуюць у горадзе легальна. А разам з нелегаламі набярэцца блізу 800 таксаматораў!
Доля аўтамабіляў дзяржаўнай службы 161 была сярод іх вельмі сціплай — 11 машын. А апошнім часам рухомымі ўвогуле засталіся 4 аўтамабілі. А па словах брыгадзіра дзяржаўнай службы таксі Аляксандра Максімчука, для больш-менш нармальнай працы патрэбна мінімум 15 машын.
“Машын было сапраўды мала. Увосень была спроба набыць аўтамабілі. У той час не дазвалялі набываць іншамаркі, толькі айчынныя. А айчынных, акрамя “Самандаў”, няма. Ды і тыя не карыстаюцца папулярнасцю... А нашы родныя “Волгі” дык і ўвогуле перасталі выпускаць”.
Начальнік прыватнай службы таксі “Альфа” Алег Колб кажа, што аўтапарк не выратавала б ні рэклама, ні набыццё паўсотні новых аўтамабіляў.
“У дзяржаўным парку былі старыя “Волгі”. Гадоў 5 таму крыху абнавілі — набылі 8-10 навейшых, 31-х “Волгаў”. А да таго былі 24-кі, карчы такія, дзверы адпадалі, страшна ехаць. Людзі выбіраюць службу, дзе нармальныя машыны, дзе нармальна цябе завязуць. У Пінску настолькі развітае прыватнае таксі, што стварыць тут канкурэнцыю нерэальна наогул”.
Але Аляксандр Максімчук мяркуе па-іншаму. Кіроўца вельмі шкадуе, што час дзяржаўных таксовак у Пінску скончыўся, і лічыць, што людзі больш цягнуцца да дзяржаўнай службы. Максімчук кажа, што нумар 161 ёсць ва усіх даведніках вельмі даўно, а прыватныя фірмы ўвесь час з’яўляюцца і знікаюць. І канкурэнцыю можна было б наладзіць, тым больш, што прыватнікі не дэмпінгавалі — кошты на праезд у таксоўцы ў Пінску прыкладна роўныя для ўсіх службаў.
“Калі добра ўзяцца за справу, то можна было б развіваць дзяржаўную службу і змагацца з прыватнікамі. Яны дагэтуль, пэўна, не могуць прыйсці ў сябе: як гэта закрылася дзяржаўнае таксі! Калі б мы закупілі 50 машын, то прыватнае таксі пазбавілася б працы напалову”.
Цяпер жа некаторыя кіроўцы з аўтапарка звольніліся, некаторыя пераселі на аўтобусы. Сам жа Максімчук зараз стажыруецца на аўтобусе, афармляе ІП і...раздумвае пра працу ў прыватнай службе. Аляксандр кажа, што пасля 25 гадоў працы таксістам ён без таксі не зможа.
Фота: desktop.kazansoft.ru