У Пустынскім манастыры пад Мсціславам знайшлі падземны ход
Будаўнікі выявілі яго, калі разбіралі адну са старажытных сценаў.
Як піша "Рэспубліка", сёлета на рэстаўрацыю Пустынскага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра вылучана каля аднаго мільярда рублёў. Разбураны часам і войнамі манастыр налічвае больш за шэсць стагоддзяў.
Мясцовыя краязнаўцы сцвярджаюць, што знойдзены ход злучаў манастырскія пакоі з царквой Аляксандра Неўскага. Аднак казаць пра яго працягласць пакуль яшчэ рана, бо сам ход завалены зямлёй. Разам з тым захаваны невялікі адрэзак сведчыць, што падземныя камунікацыі манахаў былі зробленыя з размахам. Вышыня тунэля — больш за два метры. Па тунэлі лёгка мог праехаць нават вершнік на кані. У бакавых нішах відаць сляды, пакінутыя запаленымі паходнямі.
Фота — radzima.org