У страшнай аўтааварыі пад Гроднам загінула 18-гадовая студэнтка (відэа)
Яшчэ шэсць чалавек параненыя.
Здарэнне адбылося 28 чэрвеня каля 11 гадзін. Як інфармуе БелаПАН, група першакурснікаў адной з гродзенскіх ВНУ вырашыла адзначыць заканчэнне сесіі. Яны знялі дамок у вёсцы Каробчыцы недалёка ад абласнога цэнтра. Туды яны адправіліся на трох аўтамашынах, па пяць чалавек у кожнай.
У аварыю трапіў "Опель Корса", за рулём якога быў 19 гадовы кіроўца са стажам кіравання менш за месяц. На відэазапісе рэгістратара відаць, што машыны груба парушалі правілы руху, перасякалі падвойную суцэльную лінію разметкі, несліся на вялікай хуткасці.
На мосце праз раку Ласасянку "Опель Корса" сутыкнўся з сустрэчным "Рэно Меган", у салоне якога знаходзілася двое мужчын. "Рэно" ад удару выкінула на сустрэчную паласу, стукнула ў адбойнік і вярнула назад. Неспрактыкаваны кіроўца "Опеля" не змог утрымаць машыну: тая перакулілася і легла дагары на сустрэчнай паласе. Там у яе стукнуўся іншы "Рэно Меган", у салоне якога былі мужчына і дзяўчына.
18-гадовая пасажырка "Опеля", якая была ззаду за кіроўцам, загінула на месцы здарэння. Яшчэ чатыры чалавекі з гэтай машыны шпіталізаваныя. Таксама пацярпелі два чалавекі з "Рэно Меган", 19-гадовая пасажырка знаходзіцца ў цяжкім стане. Кіроўца "Опеля" пасля аварыі знаходзіўся ў шокавым стане, ён не мог нават сказаць, з кім ехаў. Паўтараў толькі, што ў яго сесія, ён не спаў некалькі начэй. А на днях павінен быў здаць апошні іспыт. Машыну яму два тыдні таму набыў бацька.
Ніхто з пасажыраў, у тым ліку кіроўца "Опеля", не быў прышпілены рамянямі бяспекі.
