У судзе над Канавалавым і Кавалёвым паказалі фота з месца пробных тэрактаў
Як стала вядома ўчора на судзе, Дзмітрый Канавалаў правеў два трэніровачныя выбухі пад Віцебскам. Фота і відэаматэрыялы адтуль дэманстравалі сёння.
Мяркуючы па метададзеных файла, фотаздымкі зробленыя ў студзені 2011 года фотаапаратам Канавалава маркі “Алімпус”, перадае БЕЛТА. На відэа ёсць запіс эксперыментальнага выбуху. Паміж дрэвамі на пэўнай вышыні было замацавана выбуховае прыстасаванне. Частка яго была падобная да трубы ці палкі. Калі яно спрацавала, у кадры бачны дым, а ў бок камеры ляцяць нейкія ашмёткі, падобныя да кавалкаў кары ці грунта. Мяркуючы па здымках, выбух быў узімку ці ўвесну, бо навокал бачны снег.
Дарэчы, сярод рэчыўных доказаў, якія крыміналісты знайшлі на гэтым “палігоне”, ёсць два кавалкі такой самай трубы, якая была на фота, але з пашкоджаннямі.