У Ваўкавыску рабаўнік заснуў у кустах каля месца злачынства
На 21-гадовага недарэку пачалі крымінальную справу за рабаванне.
Як паведамляе БелаПАН, п'яны малады чалавек спачатку чапляўся да хлопца і дзяўчыны, якія сядзелі ўначы на стадыёне. Потым ён забраў у дзяўчыны жаночую сумачку, дзе былі кашалёк, тэлефон, каля 150 тысяч рублёў і дзве банкаўскія карткі.
Пасля рабавання хлопец заснуў непадалёк у кустах. Там яго і знайшлі міліцыянты. Кашалёк з грашыма, банкаўскія карткі і тэлефон былі ў кішэні няўдалага рабаўніка. Сваю віну ён прызнае і кажа, што здзейсніў злачынства, таму што быў п'яны.
Дарэчы, раней рабаўніка прыцягвалі ўжо да крымінальнай адказнасці за вымагальніцтва, хуліганства і крадзеж.
Фота — nsk.sibnovosti.ru