У жыхара Гомеля канфіскавана 80 кілаграмаў наркатычнай табачнай сумесі

На прывакзальнай плошчы Гомеля міліцыянты сумесна з супрацоўнікамі падатковай інспекцыі затрымалі тамтэйшага жыхара, які меў пры сабе 80 кілаграмаў насвая. Гэта адзін з відаў табачнай сумесі, прызначанай "не для палення" — сумесь табака і вапны, якая павялічвае засваенне нікаціну крывёй.

Дакументаў, якія сведчылі б пра законнасць набыцця насваю, у гамяльчаніна пры сабе не было. Таму табачная сумесь, кошт якой прыкладна ацэньваецца ў 24 мільёны рублёў, канфіскаваная. Вядзецца разбіральніцтва, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, са студзеня 2010 года распаўсюд у Беларусі насваю і іншых жавальных ці нюхальных сумесяў з дадаткам табаку, вапны ці іншай нетабачнай сыравіны забароненае.