Урад і Нацбанк прымуць рашэнні для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку
Рашэнні абяцаюць прыняць ў панядзелак-аўторак.
Пра гэта вечарам 20 траўня заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, паведамляе БелаПАН.
Мясніковіч заявіў, што цяжкасці на валютным рынку плануюць вырашыць не за кошт крэдыту ЕўрАзЭС.
"Для гэтага неабходныя сур'ёзныя ўласныя рашэнні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак", — сказаў прэм'ер-міністр.
Ён дапоўніў, што гэтыя рашэнні "вызначаць свайго роду "дарожную карту", каб падысці даволі падрыхтаванымі і выканаць неабходныя працэдуры, у першую чаргу гэта тычыцца скарачэння грашовай прапановы".
Як растлумачыў прэм'ер-міністр, выхад на ўніфікаваны курс нацыянальнай валюты будзе адбывацца ў два этапы. "На першым этапе будуць прынятыя рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фарміравацца на падставе попыту і прапановы, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль яшчэ прысутнічаюць", — сказаў прэм'ер-міністр.
Паколькі, паводле меркавання прэм'ер-міністра, эканоміка працуе стабільна, то ён не выключае, што "можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля".