Віцебскага журналіста звінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы

Яго затрымалі ўвечары 26 красавіка падчас малебну ля крыжа на Успенскай горцы.

На традыцыйны малебен па ахвярах Чарнобыльскай катастрофы сабралося каля трох дзесяткаў грамадзян. Ахоўнікі правапарадку пільна сачылі за падзеямі, а потым накінуліся на журналіста, які фатаграфаваў малебен. Начальніку міліцыі грамадскай бяспекі Ігару Скарыновічу не спадабалася, што міліцыянты трапілі ў аб’ектыў фотакамеры.

Журналіста абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ды непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. У сваю чаргу, Уладзіслаў Старавераў хоча звярнуцца ў пракуратуру, каб там далі ацэнку дзеянням міліцыянтаў. Па яго словах, пры затрыманні ахоўнікі парадку збілі яго і пашкодзілі аб’ектыў фотакамеры.