Вадзім Жук: суддзя мог паказаць Глебу чырвоную картку
Вядомы беларускі арбітр пракаментаваў "Прессболу" працу аўстрыйскага калегі Роберта Шэнгерхофера на нядаўнім матчы футбольных зборных Беларусі і Грузіі.
Нагадаем, беларусы выйгралі матч з лікам 2:0. На апошніх хвілінах у цэнтры поля адбылася сутычка паміж гульцамі, суддзя паказаў дзве жоўтыя карткі грузінам і адну — беларусу Аляксандру Глебу.
"Усё пачалося з таго, што Грыгалава вельмі груба парушыў правілы супраць Глеба, — распавядае Вадзім Жук. — Саша рынуўся высвятляць адносіны і не знайшоў нічога лепшага, як ударыць крыўдзіцеля. Дурасць. У канфлікт былі ўцягнутыя абедзве каманды, і арбітр пачаў тушыць жарсці жоўтымі карткамі. А меў жа ўсе падставы уляпіць Глебу і чырвоную. Перакананы, многія суддзі на месцы аўстрыйца не сталі б ліберальнічаць. Глеб з яго вопытам павінен разумець, што такая заўзятая праява эмоцый часцяком прыводзіць да абгрунтаванага выгнання з поля".