Венесуэльская апазіцыя жорстка крытыкуе візіт Лукашэнкі

"Сёння ў Венесуэле знаходзіцца прэзідэнт Беларусі. Не думаю, што гэта прыклад дэмакратыі для ўсяго света, — заявіў кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі Энрыке Капрылес Радонскі, які будзе супрацьстаяць Чавесу на выбарах 7 кастрычніка. Капрылес паўтарыў лозунг сваёй палітычнай кампаніі: "Скажы мне, з кім сябруеш, і я скажу табе, хто ты".

Апазіцыйны альянс паслядоўна крытыкуе замежную палітыку Чавеса. З нагоды прыезда Лукашэнкі Капрылес заявіў, што Венесэула мусіць сябраваць з краінамі, "дзе ёсць дэмакратыя, пашана да правоў чалавека і асноўных свабод", паведамляе prensa.com. Лукашэнка прыехаў у Венесуэлу "ні каб набыць венесуэльскую прадукцыю, ні каб прынесці венесуэльцам нейкія выгоды з гэтага візіта".

Прэс-сакратар апазіцыйнай кааліцыі Мігэль Пісарро раней заявіў: "Гэты "задушэўны брат" прэзідэнта Чавеса вядомы ў якасці "апошняга дыктатара ў Еўропе". Ён прыехаў у пошуках грошай, якія кіраўнік нашай краіны раздае сваім ідэалагічным саюзнікам..." Іншая мэта прыезда беларускага прэзідэнта, са словаў Мігэля Пісарро — падтрымаць гонку ўзбраенняў Чавеса.

Глядзі таксама: Канкурэнт Чавеса пра візіт Лукашэнкі: “Колькі нам каштуе гэты візіт?”