Вікторыя Азаранка выйшла ў другі раунд турніру ў Індзіан-Уэлсе
Беларуская тэнісістка, якая з’яўляецца першай ракеткай свету, выступае ў парным разрадзе разам з чэшкай Петрай Квітавай.
У стартавым коле беларуска-чэшскі тандэм абыграў дуэт Наталі Грандзін (ПАР) — Уладзіміра Ухлірава (Чэхія) — 6:2, 6:2, перадае БелаПАН. У 2009 годзе Азаранка ў пары з расіянкай Верай Званаровай стала пераможцай спаборніцтваў у Індзіан-Уэлсе.
У адзіночным разрадзе першая ракетка свету прапускала першы раунд. У другім коле яе чакае сустрэча з немкай Монай Бартэль (37-я ў сусветным рэйтынгу). Прызавы фонд турніру складае 4 мільёны 694 тысячы долараў.
Сёлета Вікторыя Азаранка не прайграла яшчэ ніводнага матчу, атрымаўшы перамогу на Australian open, на турнірах у Сіднеі і Дохе. Усяго ж на рахунку беларускі 11 тытулаў у адзіночным разрадзе і шэсць — у парным.