Віцебскія інваліды па зроку зладзілі спаборніцтвы на лепшы нюх і арыентацыі
Абласныя спаборніцтвы пад назвай “Я — самы рэабілітаваны” прайшлі сярод інвалідаў па зроку Віцебшчыны.
16 чалавек, сярод якіх былі зусім невідушчыя і тыя, у каго захаваўся рэшткавы зрок, спаборнічалі ў шасці намінацыях. Яны павінны былі паказаць свае навыкі ў азбуцы Брайля — чыталі і пісалі на хуткасць і якасць, прышывалі гузікі, навобмацак вызначалі крупы, на нюх — спецыі. Акрамя таго, удзельнікі спаборніцтваў гатавалі ежу і нават праходзілі своеасаблівы “квэст” — шпацыр па зададзеным маршруце з выкананнем задання: камусьці трэба было набыць тавар у шапіку, камусьці — схадзіць на пошту і даведацца пра кошт нейкай паслугі.
Пераможцы абласнога тура возьмуць удзел у агульнабеларускім спаборніцтве сярод інвалідаў па зроку.