Віцебскія раварысты запрасілі чыноўнікаў на велапрабег (фота)
Адгукнуўся на прапанову толькі адзін з запрошаных, галоўны ідэолаг не прыйшоў.
Толькі адзін з віцебскіх чыноўнікаў – начальнік аддзела спорту і турызму Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэту Зміцер Скарынкін — адважыўся ўзяць удзел ў велапрабегу, што адбыўся па ініцыятыве мясцовых аматараў катання на роварах. Адзін з арганізатараў акцыі, Уладзімір Рамановіч, распавёў, што абяцалі прысутнічаць таксама галоўны ідэолаг горада Дзяніс Глуткін, кіраўніку ЖКГ Аляксандр Мамаеў і прадстаўнікі БРСМ, але чамусьці ніхто з іх не з’явіўся.
Віцебскія аматары катання на роварах распачалі кампанію за абсталяванне роварных дарожак ды стаянак, якіх у Віцебску на гэты час няма. Раней яны сабралі некалькі соцен подпісаў пад адпаведным зваротам, які перадалі ў Віцебскі гарвыканкам.
Велапрабег па адным з папулярных месцаў адпачынку гараджан — беразе ракі Віцьба — быў запланаваны як своеасаблівая дэманстрацыя таго, што ровар пасуе і простаму чалавеку, і прадстаўніку гарадской адміністрацыі. Па заканчэнні акцыі было сабрана яшчэ колькі подпісаў пад лістамі, якія будуць накіраваныя віцебскім уладам. Дарэчы, велапрабегі плануецца зрабіць штотыднёвымі.
На здымку: Уладзімір Рамановіч і Зміцер Скарынкін на чале калоны раварыстаў.