Вярхоўны Суд адмаўляецца прызнаваць з'езд сацыял-дэмакратаў

31 кастрычніка прадстаўнікі партыі атрымалі заказным лістом копію рашэння Вярхоўнага Суда. У дакуменце гаворыцца, што партыя сапраўды дапусціла парушэнні пры падрыхтоўцы і правядзенні з'езду. Таму суд прыняў бок Мінюсту і не задаволіў скаргу сацыял-дэмакратаў.

Бліжэйшым часам партыйцы збяруцца, каб абмеркаваць судовае рашэнне і далейшыя дзеянні. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Ірына Вештард, абраная кіраўніцай БСДП на апошнім непрызнаным з'ездзе.

Вештард: "Ну, і, абмеркаваўшы калектыўна, прымем рашэнне і будзем рухацца наперад. Я ніякія пытанні сама аднаасобна не вырашаю. Але калі маю персанальную думку спытаць, то мы, напэўна, будзем рыхтаваць чарговы з'езд".

Нагадаем, што Мінюст прызнаў нелегітымнымі ўжо два партыйныя з'езды. Па словах Ірыны Вештард, гэта істотна замінае дзейнасці сацыял-дэмакратаў. Па-першае, партыя шмат высілкаў аддае на падрыхтоўку кожнага чарговага з'езду замест таго, каб весці партыйную працу. Па-другое, кожны з'езд патрабуе фінансавых выдаткаў, у тым ліку асабістых грошай партыйцаў.