Выпраўленчыя калоніі ў Магілёўскай вобласці павінны выправіцца
Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праведзены праверкі трох прадпрыемстваў крымінальна-выканаўчай сістэмы.
У прыватнасці, супрацоўнікі камітэта праверылі прадпрыемствы "ВК 19" у Магілёве, "Выпраўленчая калонія № 9" у горадзе Горкі і РУП "Сямнаццаць" у Шклове.
Спецыялісты выявілі ў дзейнасці вышэй пералічаных устаноў цэлы шэраг самых разнастайных парушэнняў. Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Пётр Барбарчык адзначыў у інфармацыйным матэрыяле аб праведзенай праверцы: "Устаноўлены парушэнні парадку вядзення бухгалтарскага ўліку, эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў, абыходжання з адыходамі, паверкі спідометраў аўтатранспартных сродкаў, запаўнення і прадстаўлення дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, выкарыстання бюджэтных сродкаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, а таксама парушэння тэрмінаў выплаты заработнай платы і іншыя".
Па выніках праведзеных праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты "Выпраўленчая калонія № 9", "ВК 19" і чатыры іх службовыя асобы, да дысцыплінарнай адказнасці – 13 супрацоўнікаў гэтых прадпрыемстваў. Пытанне прыцягнення да адказнасці шклоўскай выпраўленчай установы "Сямнаццаць" і яго супрацоўнікаў пакуль знаходзіцца на разглядзе, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".