Як у Мінску зімой вырошчваюць ружы і цюльпаны (фота+відэа)

Прадпрыемства “Кветкі сталіцы”, размешчанае ў раёне ЦЭЦ-4, вырошчвае ў цяпліцах сотні тысяч кветак у год, пачынаючы ад руж і цюльпанаў і заканчваючы расадай для камунальнікаў.

Ружы займаюць галоўнае месца. У бліжэйшыя дні на продаж будзе выстаўлена 100 тысяч руж і, мяркуючы па папярэдніх гадах, на кожную знойдзецца пакупнік.

Кошты на ружы вагаюцца ад 10500 (30 см) да 25000 (80 см), за адзін цюльпан спатрэбіцца аддаць 12000 рублёў. У гандлёвай сетцы прадпрыемства нас запэўнілі, што кошты ў бліжэйшы час не зменяцца. Але гэта тычыцца толькі фірмовых крамаў прадпрыемства, якіх у Мінску налічваецца восем, дадаткова будзе працаваць продаж кветак з машын у раёнах плошчы Казінца, ст. метро Каменная Горка, аэрапорта Мінск-1, праспекта Ракасоўскага, вуліц Прытыцкага, Пляханава і Мантажнікаў.

Каб ружы даўжэй радавалі вока, працаўнікі прадпрыемства раяць захоўваць іх у прахалодным месцы і дадаваць у ваду крызал (падкормка для зрэзаных кветак), або сталовую лыжку цукру на 1,5-2 літры вады, а таксама перыядычна падразаць. Каб рэанімаваць завялыя ад перападу тэмператур ружы, трэба падразаць іх на сантыметр, апусціць на 4 сантыметры ў круты кіпень і трымаць на працягу 30 секунд, а потым паставіць у вазу. Праз 20 хвілін бутон павінен падняцца. Цюльпаны ж раяць захоўваць без вады і ў холадзе, за 2-3 гадзіны да дарэння падрэзаць і паставіць у ваду.