Януковіч і Мядзведзеў пахрыстосаваліся ў Чарнобылі без Лукашэнкі
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч і прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў сустрэліся 26 красавіка ў Чарнобылі.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка украінскай дзяржавы, прэзідэнты абмяняліся віншаваннямі "Хрыстос уваскрос" — "Сапраўды Уваскрос!".
Януковіч і Мядзведзеў сёння ў Чарнобылі заклалі першы камень у падмурак будучага помніка ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Яны таксама наведалі мемарыяльны комплекс "Зорка Палын". Міністр па надзвычайных сітуацыях Украіны Віктар Балога правёў для кіраўнікоў дзяржаваў кароткую экскурсію.
Акрамя таго, прэзідэнты наведалі Свята-Ільінскі Чарнобыльскі храм, дзе кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы, патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл адправіў кароткі велікодны малебен, паведамляе УНІАН.
Паміж тым, удзел у пералічаных мерапрыемствах мусіў узяць і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Чарнобыльская сустрэча была запланаваная яшчэ некалькі тыдняў таму, усе бакі пацвердзілі свой удзел, у тым ліку і беларускі.
Дэмарш Беларусі можа быць адказам Януковічу, з ініцыятывы якога мусіла адбыцца трохбаковая сустрэча, на нядаўні канфуз з канферэнцыяй Еўрасаюза з нагоды 25-годдзя чарнобыльскіх падзеяў у Кіеве 19 красавіка. Нагадаем, напярэдадні канферэнцыі ў прэсу трапіла інфармацыя пра тое, што кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу адмовіцца браць удзел у канферэнцыі, калі ў Кіеў прыедзе Лукашэнка.