З забруджанага стронцыем збожжа ў Беларусі робяць спірт

Сёння ў Беларусі больш за 1 мільён гектараў сельскагаспадарчых земляў забруджаныя цэзіем-137. 350 тысяч гектараў таксама ўтрымліваюць стронцый-90. Адказваючы на пытанне журналіста Еўрарадыё, намеснік начальніка Дэпартаменту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Мікалай Цыбулька адзначыў, што забруджаныя землі актыўна выкарыстоўваюцца.

Мікалай Цыбулька: “Сельскагаспадарчая прадукцыя там вырошчваецца тая, што і на чыстых тэрыторыях. То бок вядзецца раслінаводства і жывёлагадоўля. Прыкладна аналагічныя і структуры пасяўных плошчаў. Рэч у тым, што для гэтага мільёну гектараў дзяржава дадаткова выдаткоўвае каля 150 мільярдаў рублёў, каб вапнаваць кіслыя глебы на гэтых землях і блакаваць паступленне стронцыю ў расліны. І ўносім павышаную дозу калійных угнаенняў, каб блакаваць паступленне цэзію ў культуры. І гэта дасягаецца: бруднай прадукцыі ў нас практычна няма”.

Аднак забяспечыць нарматыўна чыстую прадукцыю толькі з дапамогай вапны, фосфару ды калію атрымалася не паўсюль. Мікалай Цыбулька адзначае, што “праблемныя” гаспадаркі былі перакваліфікаваныя на вытворчасць больш чыстай прадукцыі — напрыклад, з прадуктовай у тэхнічную. Агулам пад пераспецыялізацыю трапілі каля 12 адсоткаў ад усіх сельгаспрадпрыемстваў на забруджаных тэрыторыях.

Мікалай Цыбулька: “Калі збожжа, то тады на нейкія спіртавыя мэты можна выкарыстоўваць. Рапс — на тэхнічныя. У жывёлагадоўчых галінах, дзе не забяспечвалася нарматыўная чысціня цэльнага малака, іх пераспецыялізавалі на развіццё мясной жывёлагадоўлі, бо там прадукцыя атрымліваецца значна чысцейшая. У Магілёўскай і Гомельскай абласцях мы пераспецыялізавалі ці зробім гэта канчаткова 11 гаспадарак. Агулам будзе 57 гаспадарак”.

Начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў Генадзь Анціпаў падкрэслівае, што за мінулы год перакваліфікаваныя гаспадаркі не далі ніводнага кілаграму "радыёактыўнай прадукцыі".

Генадзь Анціпаў: “Паводле леташніх вынікаў, з гэтых пераспецыялізаваных гаспадарак не было ніводнага кілаграму прадукцыі абмежаванага ўжытку паводле радыяцыйнага фактару. Гэткім чынам, мы стварылі матэрыяльны падмурак для гарантаванай вытворчасці нарматыўна чыстай прадукцыі. Гэта велізарныя грошы, але яно было вартае таго”.


На пытанне пра выкарыстанне забруджаных земляў у сельскай гаспадарцы адказвае начальнік аддзелу навуковага забеспячэння і міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартаменту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Вольга Лугоўская

Прыдатная паводле санітарных нормаў прадукцыя з прадпрыемстваў, што дзейнічаюць на забруджаных тэрыторыях, ідзе ў тым ліку і ў прадуктовую галіну. Непрыдатная ж адпраўляецца на тэхнічную перапрацоўку. Генадзь Анціпаў паведаміў, што адна з найбольш актуальных праблемаў, з якой сутыкнуліся навукоўцы і гаспадарнікі ў “чарнобыльскіх  раёнах, — гэта павышанае ўтрыманне ў збожжы стронцыю-90. Найперш гаворка вядзецца пра Хойніцкі раён, а таксама пра палову Брагінскага, часткова Нараўлянскі ды іншыя раёны.

Генадзь Анціпаў: “У Хойніках — гэта самы цэнтр. Там бывае 90-100 адсоткаў збожжа — непрыдатнага. Летась там канчаткова была завершаная рэканструкцыя спіртзаводу, куды накіроўваецца выключна непрыдатнае збожжа, магутнасцю ў 7 мільёнаў тон збожжа ў год — на перапрацоўку ў спірт. Ён абсалютна чысты! Улічваючы, што частка збожжа ідзе на фуражныя мэты, частка на насенне, а частка на тэхнічную перапрацоўку ў спірт, — гэтым зроблены вялізны ўнёсак у эфектыўнае выкарыстанне вось такой прадукцыі. У ежу ідзе спірт — ужо чалавеку разам з мукой і хлебам стронцый не паступае. Вось такі падыход!”.


Фота і відэа: Валера Руселік