Замест "Ісус Хрыстос — суперзорка" магілёўцам пакажуць "Арфея і Эўрыдыку"

Як паведамляе сайт gorad.by, паказ спектакля мусіў адбыцца ў абласным Палацы культуры 3 сакавіка. Праваслаўныя вернікі накіравалі абураны ліст на адрас кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама. Яны прасілі адмяніць спектакль, які, на іх думку, з'яўляецца блюзнерствам.

Замест адмененага спектакля ў Магілёве пакажуць рок-оперу Аляксандра Журбіна "Арфей і Эўрыдыка" ў выкананні актораў таго ж Санкт-Пецярбургскага тэатра "Рок-опера". Квіткі на спектакль "Ісус Хрыстос — суперзорка" будуць сапраўднымі на другую рок-оперу. Усім незадаволеным заменай арганізатары абяцаюць вярнуць грошы.

Тым часам камісія Мінкульта вырашыць, ці можна паказаць рок-оперу ў Магілёве, не закранаючы рэлігійных пачуццяў праваслаўных хрысціян.

Пасля Магілёва рок-оперу Эндру Лойда Уэбера вязуць у Гомель. Пра адмену паказу, прызначанага на 4 сакавіка ў гэтым горадзе, пакуль нічога не паведамляецца.