Затрымалі інвестара, які прасіў 5 млн долараў для Адміністрацыі прэзідэнта
Адміністрацыя прэзідэнта можа апынуцца ўцягнутай у самы буйны за сваю гісторыю карупцыйны скандал, звязаны з продажам элітнай зямлі ў Мінскім раёне.
Як паведамляе "Ежедневник", тэму ўзняло Галоўнае ўпраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС і Генеральная пракуратура. Нейкі загадкавы інвестар вельмі лёгка з дапамогай Мінаблвыканкаму і Адміністрацыі прэзідэнта атрымаў у сваё распараджэнне 279 га зямлі каля Мінскага мора.
Гаворка ідзе пра сумеснае прадпрыемства "ОКСЕСінвест", якое ў лютым 2010 года атрымала зямлю для будаўніцтва жылога пасёлка каля Мінскага мора. Цяпер следчыя сцвярджаюць, што дырэктар "ОКСЕСінвеста" падбухторваў дырэктара іншай замежнай прыватнай кампаніі даць хабар чыноўнікам Адміністрацыі прэзідэнта і Мінаблвыканкаму. Ён хацеў набыць ва ўласнасць вылучаную зямлю. У справе фігуруе сума хабару ў 5 мільёнаў долараў.