Зборная Кандрацьева можа не згуляць з Арменіяй у жніўні
Таварыскі матч футбольных нацыянальных зборных Беларусі і Арменіі, прызначаны на 15 жніўня (ён мусіў прайсці ў Ерэване), могуць выкрасліць з календара.
Адбудзецца гэта ў выпадку, калі ФІФА падтрымае ініцыятыву Асацыяцыі еўрапейскіх клубаў, якая налічвае каля 200 еўрапейскіх клубаў. Асацыяцыя актыўна выступае за тое, каб у жніўні не выдзёргваць гульцоў з клубаў у зборныя, а даць ім нармальна падрыхтавацца да сезона. Кіраўнік УЕФА Мішэль Плаціні ўжо пагадзіўся з гэтай прапановай, а ФІФА пакуль не ідзе на кампраміс, але 5 сакавіка пройдуць перамовы, інфармуе "Прессбол".
Нагадаем, сёння наша каманда правядзе таварыскі матч у Турцыі са зборнай Малдовы. У ім упершыню зможа ўзяць удзел бразілец з беларускім пашпартам Рэнан Брэсан.