Жаночы чэмпіянат па футболе рызыкуе страціць брэсцкую “Вікторыю-86”

У звароце напісана, што гульцы і трэнерскі склад ужо 4 месяцы сядзяць без заробка, а таксама маюць праблемы з экіпіроўкай. 9 красавіка праз адсутнасць фінансаў каманда не выехала на гульню 1 тура чэмпіятана Беларусі па футболе ў Магілёў…

Наступны матч з удзелам “Вікторыі-86” мусіць адбыцца 20 красавіка ў Маладзечна. Калі каманда прапусціць і яго, дык па рэгламенце чэмпіяната яна будзе знятая з турніра.

Па словах адной з футбалістак клуба, галоўная праблема — фінансавая.

“Дзяўчыны 4 месяцы не атрымліваюць заробак. І з абуткам праблемы: ёсць у чым выступаць, у чым трэніраваца, а абутку няма. Здаецца, і набываюць, але неяк усё хутка ірвецца…”

Футбалістка прызнаецца, што праблемы пачаліся з гэтага года. У мінулым сезоне ўсё было больш-менш прыстойна. Спартоўка кажа, што нехта мае асноўную працу і неяк выжывае. А некаторыя жывуць выключна за кошт футбола, і ўжо некалькі месяцаў не маюць аніякіх грошай.

А вось начальнік клуба Алег Бушмелеў кажа, што кіраўніцтва і каманда настроена пазітыўна. Будучыня “Вікторыі-86” вызначыцца да 20 красавіка.

“Сітуацыя складаная, зараз вырашаецца на ўзроўні абласной улады”.

Па словах Бушмелева, “Вікторыя-86” — вельмі затратная каманда ў плане паездак.

“У Магілёў ці ў Віцебск мы заўсёды едзем з начоўкай. Астатнія каманды з-за эканоміі выязжаюць у дзень гульні. Але калі мы едзем 600-700 кіламетраў, дык абавязкова начуем. У гэтым плане каманда з Гродна і мы — самыя затратныя, таму што мы з самых аддаленных рэгіёнаў”.

Калі брэсцкія абласныя ўлады не змогуць дапамагчы “Вікторыі-86”, жаночы чэмпіянат па футболе ужо на самым пачатку згубіць адну з 10 камандаў…  А летась “Вікторыя-86” заняла ў чэмпіянаце Беларусі пятае месца, пазалетась — чацвертае. Зараз у клубе гуляюць тры майстры спорту, шэсць кандыдатаў. Чатыры футбалісткі выклікаюцца ў нацыянальную зборную.

Фота: nicblog.ru