Жлобінскага тэрарыста прызналі бессвядомым і адправілі на лячэнне
Такое вызначэнне вынес суд Жлобінскага раёна па спробе тэрарыстычнага акту 24 траўня.
Нагадаем, 24 траўня на месцы злачынства міліцыянты затрымалі 20-гадовага юнака, які спрабаваў падарваць участак міліцыі. Як паведамлялася, на ім была маска з надпісам на арабскай мове. Пры сабе жлобінец меў ёмістасці з запальнай сумессю і самаробным выбуховым прыстасаваннем магутнасцю каля 5 кг у трацілавым эквіваленце.
Справай займаўся КДБ. 1 чэрвеня затрыманаму выставілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Яго вінавацілі ў замаху на здзяйсненне акту тэрарызму, а таксама незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі.
Як адзначае БелаПАН, абвінавачваны яшчэ на стадыі следства быў прызнаны бессвядомым. Яго мусяць накіраваць на лячэнне, бо свае дзеянні ён не ўсведамляў і не мог кіраваць імі. Разам з тым, суд мяркуе, што юнак уяўляе пагрозу для грамадства.
Вызначэнне суда вынесена 29 кастрычніка на зачыненым паседжанні. Яно яшчэ не набыло законную моц, і яго пакуль ніхто не абскардзіў. Сам несвядомы тэрарыст знаходзіцца ў СІЗА.