Журналістам прапанавалі знайсці казіно ў амбасадзе Беларусі ў Маскве
МЗС Беларусі назваў звесткі, што змяшчаюцца ў публікацыі газеты "Известия" пра наяўнасць казіно ў беларускай амбасадзе ў Маскве, "фальшыўкай".
Пра гэта 14 красавіка заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
"Ніякага казіно ў беларускай амбасадзе ў Маскве няма і быць не магло. Калі б журналіст газеты "Известия" звярнуўся да амбасадара Беларусі з гэтым пытаннем, то неадкладна атрымаў бы поўны і вычарпальны адказ. Тым не менш, газета вырашыла распаўсюдзіць "сенсацыйную" фальшыўку", — адзначаецца ў паведамленні.
Прадстаўнік МЗС распавёў, што цягам гадзіны пасля з'яўлення публікацыі ў сённяшнім нумары "Известий" амбасадар Беларусі ў Расіі Васіль Даўгалёў запрасіў усіх зацікаўленых журналістаў на экскурсію па амбасадзе. "Прадстаўнікам СМІ далі магчымасць наведаць любыя памяшканні па іх жаданні", — адзначыў Савіных.