Жыхары Слуцку выступаюць супраць будаўніцтва заводу па перапрацоўцы адкідаў
Пра гэта 20 снежня ў Слуцку заявілі ўдзельнікі адкрытых грамадскіх слуханняў.
На слуханнях абмяркоўвалася ўздзеянне будучага прадпрыемства на навакольнае асяроддзе. У іх удзельнічалі каля 60—70 мясцовых жыхароў, перадае БелаПАН. Усе яны прагаласавалі супраць будаўніцтва заводу. Арганізатарам абмеркаванняў выступіў Слуцкі райвыканкам сумесна з замоўцам — фірмай "Імперыял-інвест" і Беларускім навукова-даследчым цэнтрам "Экалогія".
Эколагі падрыхтавалі пярэчанні супраць праекта. Згодна з планам, магутнасць заводу павінна скласці 160 тысяч тон адкідаў у год. У Слуцку ж утвараецца крыху больш за 42 тысячы тон. Таму, верагодна, дадатковыя адкіды будуць транспартаваць у Слуцк. Гэта негатыўна адаб'ецца на навакольным асяроддзі горада.
Паколькі праект не прадугледжвае сістэму папярэдняга сартавання, эколагі асцерагаюцца, што на завод будуць трапляць таксама таксічныя адкіды: іртутныя лямпы, хімічныя прэпараты ды інш.