Зламыснік, уцякаючы, згубіў мабільнік і пакет з гарэлкай ды мандарынамі
Здарэнне адбылося ў Шчучыне.
Позна ўвечары на бязлюднай вуліцы да 21-гадовай дзяўчыны, якая вярталася дахаты, падышоў 35-гадовы мужчына. Ён прапанаваў яе правесці, але атрымаў адмову. Пасля гэтага мужчына пачаў збіваць дзяўчыну нагамі і рукамі.
На шчасце з'явіўся выпадковы мінак і аўтамабіль — спалоханы зламыснік уцёк. Пры гэтым ён згубіў мабільны тэлефон, пакет з бутэлькай гарэлкі і мандарынамі. Пра напад дзяўчына паведаміла ў міліцыю. Пакуль праваахоўнікі разбіраліся з справай, у міліцыю патэлефанаваў мужчына, які паведаміў пра тое, што яго абрабавалі, скралі... мабільнік і пакет з мандарынамі і гарэлкай. Таму затрымаць хулігана было не цяжка, супраць яго распачалі крымінальную справу, паведамляе газета "СБ. Беларусь сегодня".