Злотнікаў: Улады не збіраюцца павышаць жыццёвы ўзровень насельніцтва
А павышэнне мінімальнага заробку да 1 мільёна рублёў разлічанае найперш на самых незаможных беларусаў.
Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў у гутарцы з Еўрарадыё. Нагадаем, што мінімальны заробак у 1 мільён запланаваны ўрадам з 1 студзеня 2012 года.
Злотнікаў: "У планы беларускага кіраўніцтва не ўваходзіць павышэнне ўзроўня жыцця насельніцтва ў 2012 годзе. Асноўнае ў гэтых планах — вырабляць больш, але і больш прадаваць за мяжу, каб атрымліваць больш валюты і разлічвацца з пазыкамі ды ўкладаць у эканоміку дзеля яе развіцця. Таму павышэнне мінімальных заробкаў — гэта хутчэй падцягванне малазабяспечаных слаёў насельніцтва".
На думку эксперта, падымуцца толькі заробкі самых бедных беларусаў, у астатніх жа яны вырастуць нязначна. Злотнікаў адзначае, што цягам 2011 года ў час крызісу ўрад падтрымліваў самых малазабяспечаных беларусаў і гэтая палітыка, верагодна, працягнецца і надалей.
Таму росту прыбыткаў чакаць не варта, а вось цэны вырастуць, мяркуе эканаміст.