Рымэйк "Узгадаць пра ўсё" будзе без палётаў на Марс

У рымейку фантастычнага фільма "Ўзгадаць пра ўсё", знятага паводле твора пісьменніка Філіпа Дзіка "З глыбіняў памяці", не будзе палётаў на Марс.  Пра гэта распавёў у інтэрв'ю рэсурсу Collider прадзюсер праекта Ніл Морыц (Neal Moritz). Зараз падрыхтоўкай сцэнарыя займаецца Курт Уімер. І па змесце ён будзе значна бліжэй да апавядання Дзіка, чым папярэдні фільм.

Прадзюсер стужкі таксама дадаў, што магчымасць стаць тым, кім ты жадаеш, пры дапамозе складаных маніпуляцый са свядомасцю вельмі прывабная. "Мне падабаецца гэтая ідэя. Проста садзішся ў крэсла, і твае запаветныя жаданні выконваюцца. Для мяне гэта самы цікавы элемент твора", - падкрэсліў Морыц.

Раней ён сцвярджаў, што для стварэння рымейку будуць выкарыстаныя самыя сучасныя кінематаграфічныя тэхналогіі. Тэрміны працы над праектам пакуль не ўдакладняюцца.

Нагадаем, што арыгінальны фільм Пола Вэрховэна быў выдадзены ў 1990 годзе. Галоўную ролю ў ім выканаў Арнольд Шварцэнэгер. Па сюжэце яго герой адпраўляецца ў кампанію, якая займаецца імплантацыяй ілжывых успамінаў, і пасля сеансу пачынае верыць у тое, што ён сакрэтны агент, што працуе пад прыкрыццём.

Фільм зарабіў у пракаце больш 260 мільёнаў долараў.

Фота: addins.wgem.com