С. Алексіевіч: У справе Казуліна Лукашэнка мусіць сябе весці як мужчына

У інтэрв'ю газеце "Наша ніва" пісьменніца Святлана Алексіевіч выказалася наконт сітуацыі, якая склалася з сям'ёй Казуліных. Нагадаем, учора памерла Ірына Казуліна, а Аляксандра Казуліна дагэтуль не адпусцілі з калоніі на яе пахаванне. Вось што кажа Святлана Алексіевіч:

“Я жыву з Казулінымі ў адным пад’ездзе. І заўжды было радасна іх бачыць. Было відно, што людзі любяць адно аднаго, што шчаслівыя гэтым. Тут было усё – поспех, годнасць, любоў. У нашым пад’ездзе жыве многа нябедных людзей. Але ў большасці яны пахмурныя, гэтая ж сям’я вылучалася сярод іх. У Ірыны быў такі дар жыцця.

Яна дорага заплаціла за палітычную годнасць мужа, за тое, што ён не маўчаў у такі час. За, тое, што павёў сябе па-мужчынску. І гэтае супрацьстаянне рэжыму адзін на адзін у калоніі – гэта таксама вельмі мужчынскі ўчынак. І, я лічу, лішнімі былі гэтыя несумленныя гульні наконт Нямеччыны, калі ўжо стала ясна, што Ірына памірае.

Хацелася б, каб у гэтай сітуацыі Лукашэнка таксама павёў сябе як мужчына, а не як палітычны праціўнік. Каб даў Аляксандру Казуліну магчымасць развітацца з жонкай. Хацелася б, каб – каля смерці – усе паводзілі сябе па-людску”.