С. Касцян: Дазвол эўтаназіі прывядзе да злоўжыванняў, і здрыганецца свет

Інфармацыя пра магчымы дазвол эўтаназіі ў Беларусі не пацвярджаецца. Нагадаем, учора агенцтва "Росбалт" паведаміла са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве аховы здароўя нашай краіны, што эўтаназію дазволяць і яна будзе здзяйсняцца пад фармулёўкай "дабраахвотны адыход з жыцця на жаданне хворага".
Еўрарадыё патэлефанавала ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Аднак прэс-сакратар Наталля Бартман кажа, што першы раз чуе пра перспектыву дазволу эўтаназіі ў нашай краіне:

"Мы такой інфармацыі не давалі...".


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян паведаміў Еўрарадыё, што ў парламенце таксама гэтая праблема не абмяркоўвалася. Ён лічыць, што дазвол эўтаназіі прывядзе да шматлікіх злоўжыванняў:

"Трэба, каб грамадства было надзвычай свядомым, каб не было злоўжыванняў гэтым. Таму што ёсць такая небяспека, асабліва з людзьмі сталымі: камусьці спатрэбіцца кватэра, камусьці яшчэ нешта спатрэбіцца. Тут могуць столькі злоўжыванняў нарабіць, што свет здрыганецца! Таму ў нас гэта забаронена і ў дэпутатаў нават думкі не ўзнікала, каб уздымаць гэтае пытанне".

Паводле словаў Касцяна, большасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а сярод іх нямала лекараў, катэгарычна супраць дазволу эўтаназіі.