С. Жбанаў: “Людзі адчуюць крызіс, калі банкі пачнуць адмаўляць у крэдытах”

На фоне сусветнага эканамічнага крызісу Беларусь выглядае дастаткова стабільна. Аднак якім чынам нашу краіну могуць зачапіць хваляванні на сусветных рынках, ці варта чакаць крызісных праяваў у айчыннай эканоміцы а таксама як сусветны крызіс можа закрануць звычайнага беларуса – спецыяльна для Еўрарадыё адказвае на пытанні эканамічны аглядальнік “Белгазеты” Сяргей Жбанаў.
Справа ў тым, што нават у Міністэрстве эканомікі Беларусі па-рознаму ацэньваюць ступень дачынення нашай краіны да сусветнага крызісу:

 “У гэтай сітуацыі Вашыя слухачы нават калі б захацелі, то не здолелі б разабрацца, што ў нашай краіне адбываецца. Таму што міністр эканомікі Беларусі Зайчанка сцвярджае, што крызісныя з’явы ўжо назіраюцца ў нашай краіне. Намесніца міністра Старчанка гаворыць, нібыта толькі ў сярэднетэрміновай перспектыве нас нешта чакае. Пётр Жабко, першы намеснік міністра эканомікі, наогул не бачыць крызісу і таму чакае новых інвестыцыяў у беларускую эканоміку. Такім чынам, выбірайце любы з міністэрскіх адказаў, які вам спадабаўся!”

 Такія “цяжкія” адносіны нашай краіны да сусветнага эканамічнага крызісу тлумачацца, на думку Сяргея Жбанава вельмі проста: няма фондавага рынку, няма чаму і хвалявацца:

 “У параўнанні з іншымі краінамі свету ў Беларусі вельмі нядрэннае становішча адносна сусветнага крызісу. Асаблівасць нашай краіны ў наступным: Беларусь не мае фондавага рынку, таму і крызіс у сваёй першай стадыі ніякім чынам не мог нас закрануць. Няма рынку – няма чаму і на крызіс рэагаваць”.

Як сцвярджае спадар Жбанаў, грамадзянам Беларусі дык дакладна можна асабліва не хвалявацца. Калі ў Расіі з пачаткам крызісу былі закрытыя найбольш невыгадныя для банкаў сістэмы крэдытаў, як іпатэка, то беларусаў могуць чакаць толькі адмовы ў аўтакрэдытах. Прычым Беларусь можа закрануць другая фаза сусветнага крызісу – банкаўская: 

 “Насельніцтва можа адчуць крызіс толькі тады, калі банкі пачнуць адмаўляць людзям у выдачы крэдытаў. Аднак для Беларусі тыя ж расійскія іпатэкі не актуальныя, таму і праявы другой фазы сусветнага крызісу не будуць вельмі заўважныя. Іншы прыклад: калі Вы звяртаецеся ў банк па крэдыт, Вам адразу ніхто не адмовіць. Папросту будуць больш доўга правяраць Вас як патэнцыйнага заёмшчыка. Прычым гэты працэс можа зацягнуцца на месяц ці больш. Калі банку нявыгадна пазычаць Вам грошы, а ён не хоча адмаўляць, то працэдура будзе зацягвацца”.

 Атрымліваецца, па аб’ектыўных прычынах (адсутнасць айчыннага фондавага рынку) Беларусь дакладна не зачапіла першая стадыя сусветнага крызісу. Аднак другая, банкаўская, тэарэтычна сапсуе настрой. Аднак толькі тым беларусам, што жадаюць хутка атрымаць крэдыты.