Сацыёлагі: Беларусы з-за крызісу эканомяць менш, чым расіяне і ўкраінцы

Жыхары Беларусі менш эканомяць з-за крызісу, чым гэта робяць расіяне ці ўкраінцы. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Ўсерасійскім цэнтрам вывучэння грамадскай думкі сумесна з Research & Branding Group і Сацыялагічнай лабараторыяй "НОВАК". Спецыялістаў цікавала, як ацэньваюць фінансавы крызіс і яго наступствы сярэднестатыстычныя жыхары трох краін.
Высветлілася, што часцей за сваіх суседзяў ва ўмовах крызісу вымушаныя эканоміць украінцы — 67%. Аналагічны адказ даюць 43% расіян і толькі 30% беларусаў. Жыхары нашай краіны часцей заяўляюць, што на чымсьці даводзіцца эканоміць, а на чымсьці — не (50%), альбо наогул эканоміць не даводзіцца (16%).

Калі на прадуктах харчавання эканомяць 50-56% расіян і ўкраінцаў, дык беларусаў 45%. На вопратцы і абутку эканомяць 39% жыхароў Беларусі, а расіян — 42%, украінцаў — 56%, паведамляе сайт svpressa.ru.

Таксама менш беларусы эканомяць на адпачынку і забавах, леках, на набыцці бытавой тэхнікі, на камунальных выдатках, адукацыі. Толькі на сувязі расіяне эканомяць меней за беларусаў. А вось на прадметах раскошы і выдатках на транспарт беларусы і ўкраінцы эканомяць аднолькава.