Самсонаў заваяваў бронзу ў розыгрышы Суперкубка па настольным тэнісе

Беларус Уладзімір Самсонаў стаў бронзавым прызёрам розыгрышу Суперкубка Еўропы па настольным тэнісе. Спаборніцтвы праходзілі ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БЕЛТА. У паядынку за 3-е месца наш суайчыннік, які займае цяпер 6-ы радок у сусветным рэйтынгу, упэўнена перайграў грэка Калінікоса Крэангу (17-е месца ў сусветным рэйтынгу) — 4:1 (11:9, 14:12, 6:11, 11:5, 11:7). У галоўным фінале нямецкі тэнісіст Ціма Бол (4), які абыграў Самсонава ў паўфінале, без праблем разабраўся з яшчэ адным прадстаўніком Нямеччыны Дзмітрыем Аўчаровым (14) — 4:0 (11:4, 11:7, 11:9, 11:7).

Пераможца турніру папоўніў свой бюджэт на $50 тыс., фіналіст зарабіў у два разы менш, а ўладальнік бронзы стаў багацейшым на $15 тыс.