Савет Еўропы пачне супрацу з Беларуссю толькі пасля вызвалення палітвязняў

Лідэр аргкамітэту Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч прыняў удзел у Саміце Еўрапейскай народнай партыі ў Лісабоне. Беларускі палітык правёў перамовы з прэзідэнтам Еўрапарламента Гансам-Гертам Потэрынгам, кіраўніком Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Рэне Ван дэр Ліндэнам. Таксама Мілінкевіч сустрэўся ў Партугаліі з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі і магчымым будучым прэм’ерам Украіны Юліяй Цімашэнка.

У сваім выступе на Саміце Аляксандр Мілінкевіч заклікаў еўрапейскіх палітыкаў да дыялогу з уладамі Беларусі толькі пры выкананні імі 12 умоваў ЕС.

Старшыня ПАСЕ Рэне Ван дэр Ліндэн у размове з беларускім палітыкам запэўніў яго, што Савет Еўропы цвёрда прытрымліваецца пазіцыяў ЕС і пачне супрацоўніцтва з уладамі Беларусі толькі пасля таго, як краіна зробіць пэўныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі, і найперш вызваліць палітвязняў, паведамляе прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча.