СБУ: Міліцыянер пайшоў на штурм парламента з рагаткай і гайкамі
Украінскія праваахоўнікі затрымалі каля 50 удзельнікаў учорашніх сутыкненняў каля Вярхоўнай Рады ў Кіеве.
Дэманстранты патрабавалі ад дэпутатаў разгледзець законапраект аб прызнанні дзейнасці АУН-УПА барацьбой за незалежнасць Украіны. Парламент адмовіўся. Каля яго сцен адбыліся сутыкненні, выкарыстоўваліся петарды, дымавыя шашкі. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўчора назваў гэтыя падзеі правакацыяй, да якой маюць дачыненні замежныя спецслужбы.
Як інфармуе СБУ Украіны, сярод іншых праваахоўнікамі быў затрыманы "дзеючы супрацоўнік міліцыі, які ў масцы-балаклаве ў натоўпе ўчыняў жорсткія збройныя напады на грамадзян". Паведамляецца, што міліцыянеру-"правакатару" 34 гады, ён дзейнічаў у складзе групы. У яго знайшлі металічную рагатку і цяжкія жалезныя гайкі, якімі ён абстрэльваў журналістаў, міліцыянераў і звычайных людзей.
Фота — Reuters