Шапуцька не будзе шукаць міліцыянта, з-за якога атрымала траўму галавы

На маладафронтаўскай акцыі 14 лютага Таццяна Шапуцька атрымала закрытую лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Цяпер дзяўчына знаходзіцца дома. Як паведаміла ў каментары Еўрарадыё сама Таццяна, на акцыі адзін з міліцыянтаў паставіў ёй падножку, дзяўчына павалілася і стукнулася галавой аб асфальт. Увечары ёй разбалелася галава, пагоршала самапачуванне.

Дзяўчыну прынялі толькі ў трэцім шпіталі, які яна наведала. Пасля пастаўленага дыягназу яна пад сваю адказнасць адправілася дадому.

Шапуцька: Я прайшла акуліста, прайшла рэнтген галавы. Мне сказалі, што адпусціць мяне не могуць, і таму — ці шпіталізацыя, ці яны пад маю адказнасць мяне вызваляюць. Наколькі мы зразумелі з іх словаў, шпіталізацыя будзе выражацца ў тым, што я там буду пад назіраннем, а нейкага лячэнне не прапаноўваюць.

Падаваць заяву на міліцыянта, які паставіў ёй падножку, Таццяна не збіраецца. Кажа, што, па-першае, у такіх выпадках зазвычай міліцыянты  выкарыстоўваюць адпіскі, а па-другое — лічыць практычна немагчымым знайсці канкрэтнага міліцыянта, які ставіў ёй падножку.