Шэсць амбасадараў праігнаруюць сёлетняе ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру

Прадстаўнікі шасці краінаў сёлета не наведаюць цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі міра, якая пройдзе 10 снежня ў Осла. Кітай, Ірак, Казахстан, Куба, Марока і Расія не накіруюць туды сваіх паслоў. Звычайна запрашэнні на цырымонію накіроўваюць усім амбасадарам, якія працуюць у Осла, але штогод некалькі дыпламатаў туды не прыходзяць. Прычыны сваёй адсутнасці яны не абавязаныя тлумачыць, паведамляе ВВС. Сёлетняя прэмія міра дастанецца кітайскаму дысідэнту Лю Сяабо, які знаходзіцца ў турме. Праўда, атрымаць прэмію не будзе каму: жонку дысідэнта змясцілі пад хатні арышт, а згодна з правіламі, Нобелеўскую ўзнагароду можа атрымаць толькі сам лаўрэат, альбо яго бліжэйшыя сваякі.