Шпіён з ЗША сцвярджае, што сустракаўся з "супрацоўнікамі Лукашэнкі"

У акруговым судзе ў Норфалку (штат Вірджынія, ЗША) слухаецца справа 40-гадовага Роберта Патрыка Гофмана II.


Гэта былы унтэр-афіцэр ваенна-марскога флоту ЗША, які працаваў крыптолагам і валодае сакрэтнай інфармацыяй пра амерыканскія падводныя лодкі. Яго вінавацяць у спробе завязаць кантакты з расійскімі спецслужбамі.


Верагодна, у жніўні 2011 года амерыканец быў у Беларусі. "Жанчынам, з якімі ён меў спатканні, Гофман казаў, што сустракаўся з беларускім прэзідэнтам, — цытуе словы амерыканскага журналіста Скота Доэрці "Радыё Свабода". — Але на следстве ён заяўляў, што сустракаўся толькі з ягонымі супрацоўнікамі".


Доэрці распавядае, што Гофман замовіў выраб 40 пазалочаных манет, на адным баку якіх быў стары, а на другім новы беларускі сцяг. Гэта яму каштавала 450 долараў. Дзве манеты амерыканец, нібыта, падараваў... кіраўніку Беларусі.


У ФБР, верагодна, няма доказаў таго, што Гофман перадаваў нейкую інфармацыю спецслужбам Беларусі.

Фота — AFP