Скандал у Таджыкістане: Расійскіх ваенных падазраюць у забойстве дзяўчыны
Ваенных з 201-й расійскай базы, якая дыслакуецца ў сталіцы Таджыкістана Душанбе, падазраюць у забойстве дзяўчыны, 22-гадовай таджычкі Шаіры Джабіравай. Здарэнне адбылося ў ноч з 4 на 5 лістапада. Улады краіны запатрабавалі ад расійскага боку зрабіць тэрміновыя “захады па недапушчэнні здзяйснення падобных дзеянняў вайскоўцамі расійскай ваеннай базы ў Таджыкістане”. Адпаведную ноту ўручылі амбасадару Расіі ў Таджыкістане Ігару Лякіну-Фралову.
Афіцыйны Душанбе патрабуе ад Расіі даць аб’ектыўную ацэнку інцыдэнту.
Дзяўчына была знойдзеная забітай на тэрыторыі расійскай ваеннай базы, у інтэрнаце для расійскіх вайскоўцаў. Шаіра Джабаірава працавала памочніцай кухара ў адной з мясцовых кавярняў і была знаёмая з расійскімі ваеннымі, якія часта прыходзілі вячэраць у гэтую ўстанову.
Цела дзяўчыны знайшлі на сметніку ў скрыні са слядамі жорсткіх пабояў. Крыніца ў праваахоўных органах Таджыкістана паведаміла ВВС, што перад смерцю пацярпелую збілі і згвалтавалі.
Напярэдадні мясцовы таксіст падвозіць Шаіру і чатырох расійскіх вайскоўцаў да ваеннага гарадка. Па яго словах, дзяўчына ўсю дарогу маўчала і была нечым напалоханая ці занепакоеная. Гэта выклікала падазрэнні ў кіроўцы і калі пасля дзяўчыну сталі шукаць, ён усё распавёў сваякам і следству.

Па падазрэнні ў забойстве затрыманы расійскі афіцэр Іван Шчарбакоў — старэйшы лейтэнант, які служыў у Душанбе па кантракце. Паводле папярэдніх дадзеных, ён запрасіў дзяўчыну да сябе ў інтэрнат, пасля чаго яе знайшлі мёртвай. Сам падазраваны кажа, што нічога не памятае, бо быў п’яным. Яшчэ траіх расіян не затрымлівалі, бо кіраўніцтва ваеннай базы сцвярджае, быццам яны не мелі дачынення да злачынства, а проста ехалі ў машыне разам да ваеннага гарадка.
Гэта не першая рэзанансная справа ў Таджыкістане, у якой апынуліся замешанымі расійскія ваенныя. Летась двое расіян-кантрактнікаў збілі таджыкскага таксіста, якому былі вінаватыя грошы. А сёлета ў ліпені п’яныя расійскія ваенныя справакавалі масавую бойку ў цэнтры горада Куляба, якая скончылася пагромамі і раненнямі некалькіх мясцовых жыхароў. Таксама расіяне неаднаразова з’яўляюцца п’янымі ў грамадскіх месцах, разгульвалі па горадзе ў паўаголеным выглядзе і выкрыквалі нацыяналістычныя лозунгі на адрас таджыкаў. Паколькі расійскім вайскоўцам надалі дыпламатычны статус, іх не могуць затрымліваць мясцовыя праваахоўнікі. Многія наўмысна правакуюць канфлікты, бо ведаюць, што не атрымаюць пакарання.