Следчы камітэт высвятляе, як на пажары ў Мінску загінулі тры чалавекі
Упраўленне Следчага камітэта па Мінску высвятляе абставіны гібелі траіх чалавек. Іх целы былі знойдзеныя падчас тушэння пажару ў прыватным доме па завулку Веснінка ўвечары 18 кастрычніка.
Следчыя правялі агляд месца здарэння з прыцягненнем перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі. Таксама прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.
Паводле папярэдняй версіі, дом загарэўся ад неасцярожнага абыходжання з агнём.
Па звестках ратавальнікаў, іх выклікалі на месца здарэння ў 21.43. На месца здарэння ратавальнікі прыбылі праз пяць хвілінаў і пабачылі, што аднапавярховы дом гарыць па ўсёй плошчы.
Лакалізаваць пажар удалося ў 22.03, а яшчэ праз 14 хвілінаў — і цалкам ліквідаваць яго.
Пры разборцы будаўнічых канструкцый ратавальнікі знайшлі трупы траіх чалавек, чые пол і асобы адразу выявіць не ўдалося.
Дарэчы, 90-гадовы гаспадар дома ў ім не пражываў.