Слэш стварыў саўндтрэк да мексіканскага фільма

Гітарыст Velvet Revolver Слэш (Slash) напісаў саўндтрэк да новага фільма мексіканскага рэжысёра Алальо Рубіа "Гэта не фільм" ("This Is Not A Movie").
Нягледзячы на іранічную назву, карціна не з'яўляецца камедыяй - і прафесіяналы пакуль не бяруцца вызначаць яе жанр.

Сам Слэш расказаў, што "гэта вельмі артыстычная, змрочная і месцамі сюррэалістычная стужка з элементамі фантастыкі, якія ўплеценыя ў рэчаіснасць".

Рэжысёр стужкі дадаў, што "мэтай было стварыць псіхадэлічны саўндтрэк з дапамогай акустычнай і электрычнай гітары. Таму шукалі гітарыста, здольнага складаць эмацыйную музыку і не абмяжоўваць сябе ў выкарыстанні розных эфектаў для дасягнення эклектычнага саўнду. Выдатна, што Слэш зацікавіўся гэтым праектам".

У галоўных ролях "This Is Not A Movie", здымкі якога праходзілі ў Мехіка і Лас-Вегасе, задзейнічаныя Эдвард Фарланг і Пітэр Каёт.

Прэм'ера стужкі запланаваная на пачатак наступнага года.

Фота: blogs.guardian.co.uk