Смаленскія мытнікі не пусцілі з Беларусі кракадзіла, змяю і мядзведзя

На беларуска-расійскай мяжы ў Ершыцкім раёне смаленскія мытнікі затрымалі незвычайных парушальнікаў, паведамляюць "Смоленские новости". Жыхар Маскоўскай вобласці Расіі на грузавым "Мэрсэдэсе" спрабаваў правезці з Беларусі без дакументаў цэлы звярынец. У грузавым адсеку машыны супрацоўнікі мытні выявілі кракадзіла, змяю, мядзведзя, двух сабак і галубоў.

Як сцвярджае парушальнік, ён вёз жывёл з цыркавых гастроляў па Беларусі. Але ніякіх дакументаў на жывы груз масквіч не меў. Мытня пачала на яго адміністрацыйную справу. А кракадзіла і кампанію мытнікі перадалі на адказнае захаванне парушальніку. Гэта значыць, да завяршэння расследавання па гэтай справе ён не можа нічога рабіць са сваімі гадаванцамі - ні прадаць, ні здаць у арэнду. У горшым выпадку за незаконны ўвоз на тэрыторыю Расіі жывёл могуць канфіскаваць.