Сойм Партыі БНФ змяніў парадак вылучэння дэлегатаў на нечарговы з'езд

Парадак вылучэння дэлегатаў на нечарговы з'езд змяніў Сойм Партыі БНФ. Як інфармуе БелаПАН, вылучаць дэлегата на з'езд могуць 10 прадстаўнікоў пярвічнай партыйнай арганізацыі, а не 20, як меркавалася раней. Апрача таго, кандыдат у дэпутаты мясцовых саветаў зможа запрасіць на з'езд не трох, а аднаго прадстаўніка партыі.
Нагадаем, 18 красавіка сойм прыняў рашэнне, што кандыдаты ў дэпутаты на мясцовых выбарах гэтага года могуць запрасіць на з'езд у якасці дэлегатаў трох сябраў партыі. На думку старшыні сталічнай арганізацыі Віктара Івашкевіча, гэта пазбаўляе шэраговых сябраў партыі магчымасці ўплываць на рашэнне з'езда, прызначанага на 29 траўня.

На пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне аб фармаце ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Частка сойма выступала за падтрымку лідэра руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, другая частка была катэгарычна супраць, мяркуючы, што браць удзел у выбарах павінен або партыйны кандыдат, або адзіны кандыдат ад апазіцыі.