Стала вядома, з-за чаго знікала электрычнасць у некалькіх мікрараёнах Мінска
"Белэнерга" патлумачыла прычыну знікнення ўвечары 15 студзеня электрычнасці ў некалькіх мікрараёнах Мінска. Як паведамляла Еўрарадыё, без святла засталося Сухарава, часткова Каменная Горка.
"Белэнерга" паведамляе, што адбылося парушэнне ў працы высокавольтнага абсталявання на падстанцыі "Сухарава". Размешчаная яна каля Мінскай кальцавой аўтадарогі. Прычынай стала пашкоджанне апорна-стрыжневай ізаляцыі падстанцыі спецыяльнай сумессю, якой узмоцнена апрацавалі МКАД, а таксама "змена накірунку ветру".
Адзначаецца, што назіраліся збоі ў працы ліній 110 кВ ЦЭЦ-4 — Ждановічы і ЦЭЦ-4 — Пятроўшчына. Але там аўтаматыка спрацавала паспяхова. У спажыўцоў, якія падключаныя да гэтых ліній, толькі на кароткі час знікала святло.
Наступствы ўчорашняй аварыі ліквідоўвалі 2 рамонтныя і 4 аператыўныя брыгады. У гэты час без святла заставаліся больш за 300 жылых дамоў. Да 1.15 суботы электрычнасць з'явілася ва ўсіх дамах.