Студэнтку ЕГУ Касю Сцяпанаву з памежнага пункта завезлі ў КДБ
Студэнтку ЕГУ Касю Сцяпанаву, якую сёння знялі з цягніка на літоўска-беларускай мяжы, з памежнага пункта "Гудагай" забралі міліцыянт і супрацоўнік КДБ. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміла сама Сцяпанава.
Нагадаем, яна вярталася з Вільні дахаты на вакацыі. Па словах Касі Сцяпанавай, у яе забралі пашпарт. Больш за гадзіну яна знаходзілася ў нейкім памяшканні на памежным пункце. Кася Сцяпанава кажа, што 19 снежня не была ў Мінску, а знаходзілася ў Віцебску, дзе працавала назіральніцай на адным з участкаў (была вылучана групай грамадзян). 20 снежня студэнтка паехала ў Вільню.
Кася Сцяпанава паведаміла, што яе прывезлі ў Астравецкі КДБ. Цяпер з ёй размаўляе супрацоўнік дзяржбяспекі.