Стыхія прымусіла звольніцца дырэктара вяслярнага комплексу ў Брэсце

Не вытрымалі сур'ёзнага выпрабавання стыхіяй дахі некаторых будынкаў на вяслярным канале ў Брэсце. Пасля зацяжных залеваў яны пачалі працякаць, а ў асобных памяшканнях са столяў адвалілася падвясная плітка. Газета "Рэспублiка" адзначае, што вада вызначыла “недаробкі”, дапушчаныя працаўнікамі будаўнічага трэста № 8. Сёння ім давялося выпраўляць свае “памылкі”.

Агалоску атрымалі і істотныя агрэхі ў працы калектыва спартовага комплексу, дзе “кульгае дысцыпліна”. Так, у адзін з вечароў двое адмыслоўцаў селі ў гумовую маторную лодку. Але пасля таго, як адзін з іх сыйшоў на бераг на вуліцы Набярэжнай, лодка на базу не вярнулася. Мужчына, які кіраваў лодкай, патануў: у яго арганізме была выяўленая сур’ёзная доза алкаголю.

Дождж і надзвычайнае здарэнне са смяротным зыходам прымусілі дырэктара вяслярнага комплексу пакінуць сваю пасаду. На яго месца ўжо прызначаны новы кіраўнік.