Супрацоўнік "Коммерсанта": Беларусь і Расія займаюцца ўзаемным шантажом

Пагрозы скараціць пастаўкі газу ў Беларусь з боку Расіі выкліканыя тым фактам, што беларускі парламент дагэтуль не ратыфікаваў Мытны кодэкс Мытнага саюзу і дагавор пра Мытны саюз. Пра гэта ў інтэрвію Еўрарадыё заявіў загадчык аддзелу эканомічнай палітыкі расійскага выдання “Коммерсантъ” Дзмітры Бутрын. Беларусь не гатовая да камісіі Мытнага саюзу. Краіна не робіць ніякіх намаганняў, каб увайсці ў гэты саюз на жорсткіх умовах, якія беларускі бок лічыць несправядлівымі. У Расіі ж прынята лічыць, што Беларусь здыме свае прэтэнзіі да таго рэжыму супрацоўніцтва, які ёй прапануюць да 2012 году, і 1 ліпеня мяжа фактычна будзе адкрытая. Гэтыя працэсы Дзмітры Бутрын называе відавочным узаемным шантажом.

Бутрын: “У такіх пытаннях абсалютна бессэнсоўна абмяркоўваць, хто першы пачаў. Першыя пачалі ўсе на стадыі прыняцця рашэння пра ўваходжанне ў гэты гандаль. Я больш чым пэўны, што Беларусь, адкрываючы гандаль па Мытным саюзе, загадзя меркавала, што яна будзе шантажаваць Расію пошлінамі на энэрганосьбіты. Я пэўны, што Расія, уваходзячы ў гандаль з Беларуссю па Мытным саюзе, загадзя меркавала, што яна будзе шантажаваць Беларусь. У тым ліку нафтай, у тым ліку газам”.

Эксперт мяркуе, што праз пяць дзён гэтая гісторыя не скончыцца. Расія не ацэньвае настрой беларускіх уладаў. Беларусь не адкрые мяжу ад 1 ліпеня і не абвесціць пра стварэнне Адзінай мытнай прасторы. Праблема будзе вырашацца да сярэдзіны ліпеня. Да таго ж скарачэнне паставак газу ў летні перыяд не прывядзе да сур’ёзных праблем у беларускай гаспадарцы, разважае спадар Бутрын. Беларусі можа праіснаваць так яшчэ, да пачатку жніўня. Дый пасля Расея наўрад ці зможа ціснуць на Беларусь.

Бутрын: “Існуе ўстойлівы палітычны міф, які заключаецца ў тым, што эканоміка Беларусі без прыбыткаў ад перапрацоўкі расійскай нафты блізкая да краху. Міф грунтуецца на даволі папярэдніх разліках таго, што страціць бюджэт Беларусі ад увядзення экспартнай пошліны. Я нагадаю, што лічба стратаў складае каля 2 мільярдаў долараў на год. З майго пункту гледжання, такую дзірку ў бюджэце Беларусі можна кампенсаваць”.

Расійскі бок лічыць, што каб пазбегнуць калапсу і краху, Беларусь пойдзе на саступкі, але гэтага хутчэй за ўсё не здарыцца. Гэта вельмі жорсткі, непрыемны, але цалкам шараговы камерцыйны канфлікт, падкрэслівае Дзмітры Бутрын.