Супрацоўнікі КДБ канфіскавалі ў Алеся Бяляцкага ноўтбук і "старыя паперы"

У віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага канфіскаваны ноўтбук і "старыя паперы", паведамляе БелаПАН.

Праваабаронца паведаміў, што 17 студзеня з 15 да 21 гадзіны супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў яго на лецішчы, у офісе, а таксама ў кватэры, дзе пражываюць жонка і сын. "Шукалі аргтэхніку, рахункі, квітанцыі. Канфіскавалі ноўтбук, які знаходзіўся ў офісе, і паперы, якія адносяцца да шэрагу старых судовых працэсаў", — сказаў Бяляцкі.

Ён удакладніў, што допыт супрацоўнікі КДБ не праводзілі. "Калі ішоў ператрус у офісе, было сказана, што мяне павязуць на допыт, але насамрэч мы паехалі на лецішча ў 30 км ад Мінска, пры гэтым мне забаранілі ўключаць мабільны тэлефон", — заявіў праваабаронца.

Па словах Бяляцкага, ён праходзіць сведкай па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі.

Ператрус у мінскім офісе праваабаронцаў стаў другім пасля прэзідэнцкіх выбараў. У выніку першага ператрусу 20 снежня была канфіскавана аргтэхніка.