Сяргей Касцян перадумаў ісці ў дэпутаты, але будзе кіраваць парламентам

Вядомы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян раптоўна вырашыў не ўдзельнічаць у выбарах і яшчэ да рэгістрацыі зняўся з выбараў.  У інтэрв'ю Еўрарадыё Касцян патлумачыў сваё рашэнне тым, што ён перадумаў:

"Ведаеце, ёсць іншы раз асабістыя матывы, якімі кіруецца чалавек".

Нагадаем, Касцян мусіў ісці на выбары на Гомельшчыне ў Палескай выбарчай акрузе № 43. Яго супернікамі там былі б сябра АГП Мікалай Гаўрыленка і старшыня Ельскага райвыканкама Сяргей Канопліч.

Тым не менш, Сяргей Касцян не збіраецца адмаўляцца ад палітычнай дзейнасці. Больш таго, ён будзе кіраваць парламентам, праўда "славянскім".

Сяргей Касцян: "Я, як кіраўнік Беларускага славянскага камітэта, безумоўна, буду працягваць працаваць. Мяне ніхто не вызваляў і ад пасады старшыні Славянскага парламенцкага саюза... Таму я буду працягваць кіраваць і парламентам".