Сярод вылучаных ў камісіі партыйных прадстаўнікоў кожны трэці - апазіцыянер

136 прадстаўнікоў апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый вылучана ў склад акруговых выбарчых камісій. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, агулам у склад 110 акруговых выбарчых камісій вылучана 1853 чалавекі. Сярод іх найбольш прадстаўнікоў грамадзян - 39,8%, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый - 25,5%, палітычных партый - 20%, працоўных калектываў - 14,7%.

Пра партыйную прыналежнасць вылучаных прадстаўнікоў распавядае Мікалай Лазавік:

"Больш за ўсё вылучыла Камуністычная партыя Беларусі - 91 чалавек, гэта будзе каля 25% ад агульнай колькасці прадстаўнікоў, вылучаных партыямі, і Беларуская аграрная партыя - 62 чалавекі, гэта каля 16,7%. Апазіцыйныя партыі вылучылі ўсе разам 118 чалавек - 31,9% ад агульнай колькасці. Лідэры сярод іх - гэта Аб'яднаная грамадзянская партыя - 50 чалавек (13,5%) і Партыя БНФ - 34 чалавек (9,2%)".

Паводле словаў Лазавіка, сярод прадстаўнікоў, вылучаных грамадскімі аб'яднаннямі, лідыруюць сябры БРСМ і "Белай Русі" - адпаведна 109 і 94 чалавекі. ГА "БНФ "Адраджэнне" вылучыла 18 чалавек (гэта 13,8% ад агульнай колькасці).

Як адзначае Мікалай Лазавік, склад акруговых выбарчых камісій, якія фармуюцца сёння на працягу дня, будзе вядомы заўтра.